ДАСТАТКО́ВАЙ ПАДСТА́ВЫ ПРЫ́НЦЫП, дастатковай падставы закон,
прынцып логікі, паводле якога палажэнне лічыцца сапраўдным, калі яно грунтуецца на пераканаўчых падставах. Фактычна з’яўляецца асновай усіх лагічных тэорый старажытнасці, сярэднявечча і новага часу; як асобны прынцып сфармуляваны Г.Лейбніцам. Мае аналогію з прычыннай залежнасцю аб’ектыўных з’яў. Калі ў аб’ектыўным свеце ўсякая з’ява, дзеянне і інш. мае прычыну, то ў пазнанні сапраўднасць усякай думкі павінна быць абгрунтавана. У дэдукцыйных разважаннях і тэорыях за дастатковую падставу прымаецца даказанае выказванне або сукупнасць такіх, з якіх лагічна вынікае выказванне, якое абгрунтоўваецца. Закон выражае ўласцівасць доказнасці лагічна правільнага мыслення. У аксіяматычных сістэмах і падобных да іх строгіх лагічных пабудовах Д.п.п. патрабуе забеспячэння пераканальнасці выказванняў тэорыі, што разглядаюцца ў якасці яе тэарэм.
т. 6, с. 61
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)